СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.​А.​Каменскі, І.​Г.​Песталоці, Ф.​Фрэбель, М.​Мантэсоры і інш). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)